3 сакавіка 1067 года на Нямізе адбылася адна з самых крывавых бітваў, што ўвайшла ў беларускую гісторыю. У гэтай бітве сышліся войскі полацкага князя Усяслава Брачыславіча, якога мы ведаем па мянушцы Чарадзей, і сыноў Яраслава Мудрага. Нямігская бітва была вынікам барацьбы за ўплыў, гандлёвыя шляхі і палітычную самастойнасць Полацкай зямлі.
PALATNO расказвае пра бітву на Нямізе.
Змест
Што прывяло да бітвы на Нямізе
У XI стагоддзі Полацкая зямля займала асаблівае месца сярод іншых усходнеславянскіх княстваў. Полацк развіваўся як амаль самастойны цэнтр улады і не заўсёды падпарадкоўваўся Кіеву.
У сваю чаргу, браты Ізяслав, Святаслаў і Усевалад Яраславічы імкнуліся захаваць адзінства дзяржавы і кантроль над ключавымі гандлёвымі шляхамі. Шлях «з варагаў у грэкі» быў асабліва важным, а Полацк знаходзіўся на адным з аднагаліванняў гэтага шляху, што надавала Полаччыне стратэгічнае значэнне.
У першыя дзесяцігоддзі свайго праўлення Усяслаў Брачыславіч будаваў мірныя адносіны з Кіеўскім княствам. У 1060 годзе полацкі князь нават выступіў у сумесны паход з князямі Яраславічамі. Пасля сумеснага паходу стасункі з князямі Яраславічамі сапсаваліся.
У 1065 годзе Усяслаў пайшоў на Пскоў: гісторыкі спрачаюцца, якія матывы былі ў полацкага князя. Аднак Пскоў Усяслаў так і не ўзяў. Пазней Усяслаў пайшоў на Ноўгарад, які завяршыўся для полацкага князя паспяхова. Ноўгарад быў абрабаваны і ўзяты ў палон жанчыны ды дзеці, пазней горад увогуле падпалілі. Гэты ўчынам Усяславу дараваць не хацелі і не маглі.
Яраславічы сабралі супраць Усяслава кааліцыю, у якую ўвайшлі кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч, чарнігаўскі князь Святаслаў Яраславіч і пераяслаўскі князь Усевалад Яраславіч. Разам яны вырашылі захапіць Полацкую зямлю, а першы ўдар адбыўся па Менску.
Што адбылося падчас бітвы на Нямізе
У 1066 годзе войскі кааліцыі захапілі і разрабавалі Менск. У летапісах сцвярджаецца, што паўднёварускія князі захапілі горад без супраціву, а ў іншых крыніцах гаворыцца пра тое, што мясцовыя жыхары абараняліся. Аднак усё гэтага прывяло да таго, што горад быў захоплены. Ініцыятарам расправы над Менскам і яго жыхарамі лічыцца Святаслаў Яраславіч, які пазней згуляе ролю і ў лёсе Усяслава.
Усяслаў, хутчэй за ўсё, ведаў пра захоп Менска. Таму полацкі князь вырашыў абмінуць горад і заняць абарону на Нямізе, каб перагарадзіць дарогу на Полаччыну для Яраславічаў.
3 сакавіка 1067 года войскі Усяслава і князёў Яраславічаў сышліся на Нямізе. Афіцыйна бітва адбылася менавіта ў гэты дзень. Васіль Тацішчаў сцвярджаў, што 3 сакавіка войскі толькі сышліся і яшчэ тыдзень ішлі перамовы, а сама бітва адбылася толькі 10 сакавіка.
У летапісах няма падрабязнага апісання бітвы, толькі яе асобныя дэталі. Вядома, што ў той год была вельмі суровая зіма і стаў вялікі снег, што абцяжарвала баявыя дзеянні для абодвух войскаў. Хутчэй за ўсё, Усяслаў Чарадзей першым пачаў бой. Таксама вядома, што з абодвух бакоў было шмат загінулых. Сама бітва скончылася паразай Усяслава, які змог уцячы з часткай войска. У Яраславічаў не было людзей для пагоні, таму яны вырашылі заняцца рабаваннем Полацкай зямлі, а не шукаць Усяслава.
Як Усяслава падманулі Яраславічы
Праз паўгода пасля Нямігскай бітвы Яраславічы паклікалі Усяслава Брачыславіча на мірныя перамовы. Князю гарантавалі бяспеку і цалавалі крыж, але Яраславічы парушылі прысяганне. Калі Усяслаў пераплыў на лодцы Дняпро і выйшоў на бераг, то па загадзе Святаслава і Ізяслава яго схапілі разам з двума сынамі, закавалі і пасадзілі ў поруб у Кіеве.
Усяслаў знаходзіўся ў зняволенні больш за год, а потым яго вызвалілі кіяне. У 1068 годзе кіене паўсталі супраць Яраславічаў, бо Ізяслаў не забяспечыў абарону ад полаўцаў. Гараджане абвясцілі Усяслава Брачыславіча кіеўскім князем, але на гэтай пасадзе той прабыў каля сямі месяцаў. Ён вырашыў вярнуцца ў Полацкую зямлю, дзе княжылі адзін за адным сыны Ізяслава. Усяслаў адмовіўся ад вайны за Полацк, замест гэтага ён разам з адным з балцкіх плямёнаў рушыў на Ноўгарад. Там жа ў Ноўгарадзе Усяслава паланілі і хутка вызвалілі за абяцанне больш не нападаць на горад.
У 1071 годзе Усяслаў вярнуўся ў Полацк і стаў княжыць там. У гэтыя часы на Полацк хадзіў Уладзімір Манамах, але не змог узяць горад ні разу.
У 1101 годзе Усяслаў Чарадзей памёр. Ён лічыцца апошнім князем, які валодаў усёй Полацкай зямлёй.
